Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі правёў серыю сустрэч з міжнароднымі партнёрамі ў Вільні. Галоўнымі тэмамі сталі падтрымка палітвязняў і развіццё двухбаковага супрацоўніцтва.
На сустрэчы з паслом Ірландыі Шэйнай МакХ’ю Кучынскі падзякаваў краіне за далучэнне да Міжнароднага гуманітарнага фонду і ўнёсак у памеры 20 тысяч еўра. Ірландыя стала адзінаццатай краінай-удзельніцай фонду, сродкі якога накіроўваюцца на дапамогу вызваленым палітвязням. Бакі таксама дамовіліся правесці ў 2026 годзе двухбаковую канферэнцыю ў Ірландыі, прысвечаную нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры.
З паслом Францыі Люсі Стэпанян бакі дамовіліся ўзмацніць супрацоўніцтва, абмеркавалі магчымасць рэалізацыі культурных праектаў і правядзення сумесных мерапрыемстваў у Вільні.
З паслом Італіі Эмануэле дэ Майгрэ Кучынскі абмеркаваў выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту Ціханоўскай у Італію, і працягнуў дыялог пра магчымасць далучэння краіны да гуманітарнага фонду.
Паслу Нарвегіі Атле Конта Мідтуну Кучынскі прадставіў абноўленую інфармацыю пра працу гуманітарнага фонду, створанага дзякуючы ініцыятыве краіны. Бакі таксама абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку ідэю правядзення канферэнцыі па энергетычнай бяспецы, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.
«Вільня застаецца для нас ключавым дыпламатычным цэнтрам працы, а таксама адным з галоўных асяродкаў беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Таму для нас важна не толькі падтрымліваць ужо наладжаныя кантакты, але і паслядоўна пашыраць супрацоўніцтва з партнёрамі», — заявіў Кучынскі.
